vadim_i_z: (Default)
[personal profile] vadim_i_z
     Почти 90 лет назад Николай Николаевич Щекотихин написал критический обзор архитектуры "Нового Минска". Статья была опубликована в двухнедельнике "Чырвоная Беларусь" всего за полгода до ареста ученого.
     Как всегда, буду признателен за указание на ошибки распознавания

АРТЫКУЛ ПРАФ. М. ШЧАКАЦІХІНА
ФОТО ДАШКЕВІЧА І АЗЕРСКАГА
“ЧЫРВОНАЯ БЕЛАРУСЬ” №2, 1930. С. 10—11.

     У моцным поступе соцыялістычнага будаўніцтва стары Мінск хутка зьмянне свае аблічча. Між мінулым захудалым. дробна-шляхецкім і дробна-буржуазным „губернским городом Минском" і нашым цяперашнім пролетарскім Менскам, сталіцай Савецкай Беларусі цэлая прорва.
     Нязьмерна важную ролю ў гэтым пераможным будаўніцтве грае як новы зьмест, так і адпаведнае яму знадворнае аформленьне новых пабудоў. Ранейшым менскім прыватнаўласьніцкім домікам і вялікім „даходным домам" разам з прылзанымі па-казёнаму офіцыйнымі будынкамі губэрнскіх устаноў, а таксама рэшткамі старадаўняй фэодальна-клерыкальнай архітэктуры новае будаўніцтва проціставіць зусім іншыя тыпы пабудоў: рабочыя клюбы, будынкі новых навукова-культурных устаноў, будынкі дзяржаўных і гаспадарчых устаноў, дамы рабочых кватэр, новыя фабрычныя і заводзкія гмахі.

     Акідваючы самым беглым поглядам найбольш прыкметныя з ліку новых менскіх будынкаў. лёгка, аднак, заўважыць, што найбольш удалыя з іх па архітэктурным вырашэньні прыпадаюць на будынкі ўстаноў і часткова дамы рабочых кватэр. Так, аднэй з першых у новачасным менскім будаўніцтве паўстала масыўная камяніца новага Дому Селяніна, дзе былі знойдзены досыць трапныя пропорцыі распадзелу фасадаў. Яшчэ лепш аформлены будынак Комунальнага банку на рагу вул. Карла Маркса і Ленінскай, у якім дасягнута лёгкае і прыгожае разьмеркаваньне архітэктурных мас з паступовым падвышэньнем да рогу, дзе высунута ўгару просталінейная надбудоўка з тонкай мэталевай, запоўненай надпісамі, агарожай. У блізка падобных формах збудаваны і новы Хэмічна-фармацэўтычны завод Белмэдгандлю, крыху сапсуты толькі залішнім абцяжараньнем рогу вялізнымі вэртыкальна разьмешчанымі па фасадах літарамі надпісаў. Нарэшце ў ліку дамоў рабочых кватэр можна памянуць як больш-менш удалыя - адзін на рагу Унівэрсытэцкай і Комсамольскай вул., і другі на рагу Комсамольскай і вул. Карла Маркса, праўда яшчэ ня скончаны, — якія па-новаму зьмянілі ранейшы сумны выгляд сваіх кварталаў.

     Цяжка яшчэ пакуль што казаць аб Універсытэцкім гарадку, дзе далека ня скончаны ўвесь намечаны да пабудовы ансамбль. Але па тых корпусах, якія ўжо збудаваны, здаецца, што тут справа стаіць крыху горш. Тут бадай што ня знойдзена патрэбнае раўнавагі паміж канструкцыямі будынкаў, іх знадворным аформленьнем, прызначэньнем паасобных памяшканьняў, у выніку чаго аднастайныя, крыху прысадзістыя корпусы набылі нейкі кашарньі выгляд, і хоць надежна прыстасаваныя ўнутры, не выяўляюць знадворку тэй суровайі паважанасьці, якая была бы ўласьціва вышэйшаму асяродку пролетарскае асьветы ў БССР.
     Таксама ўжо зараз можна падкрэсьліць шэраг недахватаў у фабрычна-заводзкім і клюбным будаўніцтве. У будаўніцтве новых фабрык у Менску пакуль што яшчэ адчуваецца як-бы падыход са старымі меркамі і адхіленьне ўсялякіх архітэктурных задач. Толькі гэтым можна вытлумачыць, напрыклад, зьяўленьне такога змрочнага, монотоннага, чыста „фабрычнага" ў найгоршым старым сэнсе корпусу, як новы будынак Кондытэрскае фабрыкі на Ляхаўцы. Справа ў недастатковай архітэктурнай прадуманасьці проекту, у голай яго ўтылітарнасьці. А думаецца, што пры будаўніцтве новых соцыялістычных фабрык і заводаў пролетарская архітэктура павінна асаблівую ўвагу аддаваць выразнасьці форм для перадачы новага зьместу. Бо тут трэба выпукліць усю карэнную розьніцу: пры капіталізьме — фабрыка ёсьць жудаснае месца запрыгоненьня пролетарыяту; у нас — яна месца вольнай колектыўнай працы, адно з істотнейшых вогнішчаў соцыялістычнага будаўніціва. Архітэктура павінна гэта падкрэсьліць, у ей павінна адбіцца радасная моц вызваленьня працы і яе творчага ўздыму. Вось гэтага ў нашых будынках пакуль што і няма. У памяненым вышэй фармазаводзе тут кінуліся як-бы ў іншую крайнасыіь і зрабілі яго цалкам падобным да кожнага жылога дому,- -так што адкінь з фасадаў надпісы можаш зьмясьціць у ім альбо якую-колечы ўстанову, або кватэры. А гэта таксама дрэнна, бо тут знадворныя формы архітэктуры не адпавядаюць яе зьместу. Ня лепей стаіць справа і з будаўніцтвам рабочих клюбаў. Асабліва няўдала пабудаваны на Унівэрсытэцкай вул. маленькі "нявыраэны асабнячок" клюбу мэталістых. Выгляд яго нейкі мізэрны і няпрытульны. Думаецца, што толькі стаўшы на шлях аб'яднаньня клюбаў па некалькі ў адным памяшканьні, можна стварыць тыя паважныя і прываблівыя будынкі, якія павінны быць вогнішчамі культурнае рэволюцыі і месцамі культурнага рабочага адпачынку.
     Наогул, нельга спыняцца, як мы пераважна бачым гэта ў Менску да гэтага часу, на аднастайных тылах архітэктурных конструкцый без належнае іх увязкі з характарам і прызначэньнем паасобных будынкаў. Кожны будынак вымагае асаблівага падыходу ў разьмеркаваньні мас, прастораў, фасадаў, мураў, вакон і г. д., каб гэтым разьмеркаваньнем стварыць вядомую дынаміку архітэктурнай формы, цалкам адпаведную самому зьместу данае пабудовы.
     Таксама пролетарская конструкцыйная архітэктура, зразумела, выключае ўсякую "аздобу дзеля аздобы", асабліва ў сваіх надворных формах. Але прысутнасьць у ёй некаторых дэкорацыйных элемэнтаў сьцісла зьвязаных як з самой конструкцыяй, так асабліва з асноўнай ідэяй і зьместам будынку, у асобных выпадках ня толькі ўмесна, але і вельмі пажадана. Напрыклад, цалкам мэтазгодна было-бы зьмясьціць на Доме Селяніна, дзе нават для гэтага ёсьць адпаведныя і вельмі выгодныя месцы з рогу будынка, якія-небудзь скульптурныя композыцыі, у якіх адбівалася-б у мастацкай форме ідэя колектывізацыі і індустрыялізацыі сельскае гаспадаркі. Таксама ў будынках рабочих клюбаў магла-бы з посьпехам быць ужыта тая ці іншая тэматычная дэкорацыя з рэволюцыйных падзей або соцыялістычнага будаўніцтва.
     Нарэшце, час ужо зьвярнуць у Менску ўвагу на самае разьмяшчэньне будынкаў і іх ансамблі. Сапраўды, самыя месцы для пабудоў абіраліся ў нас часта выходзячы толькі з гаспадарчых меркаваньняў Комгасу. Такім спосабам, напрыклад, Унівэрсытэцкі гарадок апынуўся побач з чыгункай і заціснуты ў бок ад галоўнае вулічнае магістралі, а галоўны корпус нават выходзіць на Савецкую вуліцу не фасадам, але бокам. Таксама ставяцца новыя будынкі на вузкіх вуліцах, бяз водступу. што пазбаўляе магчымасьці далейшага іх пашырэньня і стварэньня новых архітэктурных пэрспэктыў, а разам з тым часта нават не дае магчымасьці адшукаць такі назіральны пункт, адкуль можна было-б атрымаць ад новага будынку суцэльнае ўражаньне. Выстаўленьне будынкаў сярод старых мураваных дамоў, якія ня хутка яшчэ змогуць быць зьнесены, перашкаджае новаму будаўніцтву свабодна распрацоўвайь свае пляны, тымчасам вельмі мала выкарыстоуваюцца новыя незабудаваныя пляцы і горад болей расьце ўверх чымся ў шырыню, што цалкам магчыма было-бы цяпер пры новых сродках гарадзкой комунікацыі. Апошнімі часамі, праўда, шэраг пабудоў вынесены за горад на Камароўку. Такім спосабам там створацца цэлыя кварталы новага пролетарскага Менску. Але яшчэ лепей было-бы ласьне там найболей узмацніць новае будаўніцтва, стварыць там цэлы новы горад, які адтуль пераможна мог бы весьці свой наступ на стары Менск сваімі шырокімі вуліцамі аж да самай ракі. З гэтага-ж боку ракі ў большасьці можна было-бы абмежавацца толькі зьнішчэньнем драўляных кварталаў і паасобных драўляных дамоў паміж камяніцамі, і разьбіўкай на іх мясцох маладых зялёных сквэраў.
     Нельга, аднак, не адзначыць, што ў бліжэйшай будучыні ў Менску ўжо намячаецца зьнішчэньне шмат якіх з адзначаных хібаў асабліва ў двох новых будынках, якія самае большае праз два будаўнічыя сэзоны ўжо будуць закончены і стануць, бязумоўна/ найлепшымі ў ліку іншых будынкаў новага Менску.
     Адзін з гэтых будынкаў — Дзяржаўная Бібліотэка — будзе адным з узорных прыкладаў прыстасаваньня архітэктурнае конструкцыі да мэтаў навукова-культурнае ўстановы
     Увесь поўны сьвятла, як-бы пераважна шкляны, ён пригожа распадзяляецца на два функцыянальна розныя крылы, аб‘яднаныя вялізным уваходам, падкрэсленым легкім паукругам, які быццам шырока заклікае бясконцыя масы працоўных да скарбніцы ведаў перахаваных у будынку, які высока падымаецца з задняга пляну у выглядзе масыўнага наасобнага кнігасхову.

     Другі будынак — гэта Дом Ураду, які мае быць самай грандыёзнай пабудовай у Менску, цалкам адпаведнай яе выключна высокай ролі. Проект яго зацьверджаиы пакуль што толькі асноўны, яшчэ схэматычны, але і з яго ўжо відаць усё тое надзвычайна ўдалае архітэктурнае цэлае, якое хутка паўстане на адным з кварталаў Савецкае вуліцы. Строгі, паважны, сымэтрычны плян падзеліць усю пабудову на шэраг сьцісла зьвязаных між сабою паасобных корпусаў, два з якіх вышынёю па пяць паверхаў кожны, выйдуць з бакоў на самую вуліцу. а далей паступова падвышаючыся пойдуць у глыбыню адкрытага з боку вуліцы двара, затым павярнуўшы з абодвых бакоў над простым кутом і, дасягнуўшы ўжо вышыні сямі паверхаў, яны стройна зыйдуцца ў сярэдзіне з асноўнымі корпусамі, якія вынясуць самую сярэдзіну пабудовы на яшчэ нябачаную ў Менску вышыню дзесяці паверхаў. Насупроць гэтага, сьпераду як-бы раскрываючы перед гледачом усю гэтую паважную пэрспэктыву, павінен будзе знаходзіцца вялікі помнік Леніну. Увязваючы ў адно цэлае з навакольным архітэктурным ансамблем, гэты помнік надасьць яму закончаны і выразны зьмест, як найважненшаму адміністрацыйнаму цэнтру Беларускай Савецкай пролетарскай рэспублікі, створанай у вагні Вялікага Кастрычніка пад кіраўніцтвам комуністычнае партыі і яе геніяльнага правадыра.
     З пабудоваю Дому Ўраду пролетарскае будаўніцтва Менску бяспрэчна адсьвяткуе сваю самую значную перамогу Але, зразумела. яна ня будзе апошняй. Пры тых нябачаных тэмпах, якімі ідзе наогул усё наша соцыялістычнае будаўніцтва, за некалькі год, на нашых вачох, Менск ужо зьмяніуся да непазнаньня А пройдзе яшчэ пэўны час. яшчэ шырэй разгарнецца новае будаўніцтва і канчаткова зьнікнуць нават сьляды старога мізэрнага Менску. На месцы іх паўстане цалкам новы пролетарскі горад, цытадэль на мяжы капіталістычнага Захаду і першай у сьвеце працоўнай краіны Саветаў. Упартая творчая воля пролетарыяту — гэтаму бяспрэчным залогам.


   

October 2024

S M T W T F S
   1234 5
67 89 10 1112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Most Popular Tags

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jun. 12th, 2025 02:59 pm
Powered by Dreamwidth Studios